Я прыйшоў, каб вы перамаглі

Сёньня падчас прэс-сьняданку, дзе сабралася шмат журналістаў, Уладзімер Някляеў афіцыйна абвясьціў пра свой удзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Свой кароткі выступ ён пачаў цытатаю з «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага, а скончыў словамі ўласнага верша, якія, відавочна, стануць слоганам яго выбарчай кампаніі – «Я прыйшоў, каб вы перамаглі».

Уладзімер Някляеў выклаў тэзісы сваёй перадвыбарчай праграмы. Ён распавёў пра зьмены, якія ён плянуе правесьці ў сацыяльнай сфэры, у справе мадэрнізацыі эканомікі, пра меркаваныя палітычныя рэформы. У прыватнасьці, У.Някляеў сказаў, што ў выпадку яго перамогі адбудзецца пераход ад прэзыдэнцкай да парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі.

Увесь выступ Уладзімера Някляева гучаў на беларускай мове. Прамоўца таксама паведаміў, што ў яго ініцыятыўную групу ўвойдзе больш за тысячу чалавек. Першы сход ініцыятыўнай групы адбудзецца ўжо сёньня раніцай. Як зазвычай апошнім часам, узьніклі праблемы з памяшканьнем – улады адмовіліся яго прадстаўляць. Таму вялікая колькасьць людзей прыедзе да сядзібы БНФ, хоць месца ўсім там ня хопіць. Кіраўнікамі ініцыятыўнай групы будуць С.Навумава і А.Фядута.

На пытаньне, ці будзе Плошча пасьля выбараў, У.Някляеў сказаў, што ў выпадку, калі ўлады забяруць перамогу, людзі прыйдуць на плошчу.