Прэтэндэнты спрабуюць дагнаць Лукашэнку

Сёння Еўрарадыё распавядае, на колькі ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў наблізіліся да запаветнай рысы ў сто тысяч подпісаў.

Сярод асноўных канкурэнтаў дзейснага Прэзідэнта лідзіруе Ўладзімір Някляеў.

«Сапраўды, лічба агульная на ўчорашні вечар складала 40.736, – кажа прэс-сакратар Някляева Юлія Рымашэўская. – Натуральна, сталіца лідзіруе ў зборы подпісаў. Тут большая колькасць як зборшчыкаў, так і падпішчыкаў. А што датычыць астатніх абласцей, то тут цяжка назваць лідара».

Па яе словах, асноўныя падпісчыкі – гэта людзі працоўнага веку, каля 30-40 год. Сярод іх прыкладна пароўну мужчын і жанчын.

Прэс-сакратар Яраслава Раманчука Ганна Красуліна паведаміла, што на сённяшні дзень сабрана каля 30 тысяч подпісаў. Лепш за ўсё падпісваюцца ў Гродне, а найгорш – на Гомельшчыне. Асноўны кантынгент, па словах Красулінай, гэта пенсіянеры, якім ужо няма чаго губляць. А моладзь, маўляў, вельмі запалоханая.

Іншая сітуацыя ў ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва. За яго паставілі свае подпісы каля 25 тысяч чалавек. Як паведамляе кіраўнік яго групы Аляксей Янукевіч, асноўныя падпісчыкі – гэта людзі маладзейшага і сярэдняга ўзросту.

За Віталя Рымашэўскага, адзначае яго прэс-служба, сабрана больш за 22 тысячы подпісаў. У групе Андрэя Саннікава карэспандэнту Еўрарадыё назваць лічбу сабраных подпісаў не змаглі.

Сёння жа стала вядома, што адзін з патэнцыйных кандыдатаў здымаецца з выбарчай гонкі. Ім стаў пенсіянер Пятро Барысаў. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Нагадаем таксама, што 5 кастрычніка прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Лукашэнка абвясцілі, што ў падтрымку дзейснага Прэзідэнта здадзена больш ста тысяч подпісаў.