Някляеў дэкларуе: ужо сабралі 100 тыс. подпісаў

За вылучэнне кандыдатам упрэзідэнты лідара грамадзянскай кампаніі, пісьменніка Уладзіміра Някляева сабралі больш за 100 тыс. подпісаў.

Пра гэта паведаміла nn.by прэс-сакратар патэнцыйнага кандыдата Юлія Рымашэўская.

Ю. Рымашэўская зазначыла, што ў лічбах, якія паведамляліся грамадскасці дагэтуль, называлася лічба подпісаў, сабраных падчас паходаў па кватэрах, аднак не ўлічваліся подпісы, сабраныя ў пікетах.

«А сёння ўначы ў нас хапіла цярпення, каб падлічыць подпісы, сабраныя ў пікетах», – сказала Ю. Рымашэўская «Нашай Ніве» і дадала, што па стане на раніцу 13 кастрычніка за вылучэнне Някляева сабрана 101312 подпісаў.

Прэс-сакратар зазначае, што подпісы будуць збірацца і далей, а ў чацвер, 14 кастрычніка, пройдзе прэзентацыя перадвыбарчай каманды Някляева, у тым ліку людзей з рэгіёнаў.