ЦВК папярэдзіў Уладзіміра Някляева

У адказ штаб Някляева рыхтуе скаргу на дзеянні ініцыятыўнай групы Лукашэнкі.

 

Камісія прызнала здезйсненымі наступныя парушэнні:

– перадача пасведчанняў сяброў ініцыятыўнай групы іншым асобам,

– датэрміновы распаўсюд агітацыйнай прадукцыі,

– атрыманне агітацыйнай прадукцыі з-за мяжы.

 

Каментар ЦВК

Пры гэтым Ярмошына зазначыла, што за любое з гэтых парушэнняў кандыдата можна было здымаць з выбараў, але як сказаў сакратар ЦВК, Лазавік: «калі мы здымем Някляева, то гэта будзе сумная кампанія». Такім чынам ЦВК абмежаваўся папярэджаннем.

 

Меркаванне штабу Някляева

Кіраўнік штабу Някляева, Андрэй Дзмітрыеў, гаворыць, што не можа пагадзіцца нават з такім рашэннем камісіі: «Ніводны факт, паводле якога нам выносілі папярэджанне, не быў дакументальна пацверджаны. У прававой дзяржаве усе абвінавачанні павінны пацвярджацца. Не было доказаў таго, што кампанія Някляева неяк звязаная з фактамі, агучанымі сёння ў ЦВК. Адсутнічалі наўпроставыя доказы».

 

Правядзецца ўнутранае расследаванне

Спадар Дзмітрыеў таксама паведаміў, што у кампаніі збіраюцца правесці ўнутранае расследаванне абвінавачванняў ЦВК і калі факты перадачы пасведчанняў сябра ініцыятыўнай групы будуць устаноўленыя, то асобы, я кія гэта рабілі, будуць выключаныя з ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева.

 

Будзе пададзеная скарга на групу Лукашэнка

Кіраўнік штабу Някляева зазначыў, што на пачатку наступнага тыдня яны збіраюцца падаваць у ЦВК скаргу на дзеянні ініцыятыўнай групы А.Лукашэнкі.

«Мы пададзім скаргу. У нас ёсць доказы таго, што спадар Лукашэнка праводзіць сваю кампанію з парушэннямі.

Хай кіраўнік яго штабу, А.Радзькоў, асабіста патлумачыць усе прадастаўленыя намі факты», — сказаў А.Дзмітрыеў.

Паводле nn.by