Прэзідэнцкія выбары: засталося 14 прэтэндэнтаў

Яшчэ адзін прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі спыніў збор подпісаў. Рыжоў здымаецца з выбарчай кампаніі.

Аб гэтым гаворыцца ў распаўсюджанай 21 кастрычніка заяве Сяргея Рыжова – начальніка сектару знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ «Віцебскі плодаагароднінны камбінат».

Ініцыятыўная група прэтэндэнта не набрала ўстаноўленай колькасці подпісаў. Рыжоў лічыць, што прычына гэтага не толькі ў маладасведчанасці яго ініцыятыўнай групы, але і ў адсутнасці дастатковага фінансавання, а таксама ў «ціску з боку дзейнай улады». Ён лічыць таксама памылкай адсутнасць адзінага кандыдата ў якасці альтэрнатыўнай фігуры дзейнаму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнка.

Зараз у выбарчай кампаніі працягне ўдзельнічаць 14 прэтэндэнтаў. Ад пачатку кампаніі было зарэгістравана 17 ініцыятыўных груп. Раней аб спыненьні ўдзелу ў выбарах заявілі Сяргей Гайдукевіч і Пётр Барысаў.