Пікеты пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў Магілёве

Шэсць сцягоў на Першамайскай: уразіць магілёўцаў паспрабавала ініцыятыўная група прэтэндэнта на прэзідэнцтва Кастусёва .

У суботу 23 кастрычніка ўдзельнік выбарчай кампаніі кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і яго ініцыятыўная група зладзілі ў горадзе адразу шэсць пікетаў. Каля кожнага стала зборшчыка подпісаў луналі бел-чырвона-белыя сцягі.

На акцыі прысутнічаў і сам палітык. Шэраг пікетаў са сцягамі Кастусёў аргументаваў жаданнем паказаць і ўладам і насельніцтву, што бел-чырвона-белыя сцягі – нацыянальныя сімвалы – ёсць і па сённяшні дзень. Таксама Рыгор Кастусёў меў на мэце патлумачыць маладому пакаленню значэнне гэтых сімвалаў.

Нагадаем, у сярэдзіне кастрычніка ў Мінску актывісты ініцыятыўнай групы па вылучэнні Рыгора Кастусёва кандыдатам у прэзыдэнты ўжо ладзілі падобны пікет пад назвай «Праспэкт нацыянальнага сьцяга».

Мэты акцый у Магілёве і Мінску – збор подпісаў у падтрымку Рыгора Кастусёва і папулярызацыя бел-чырвона-белага сцяга.