Някляеў заклікае кандыдатаў зняцца з выбараў

Някляеў заклікаў усіх кандыдатаў у прэзідэнты разам зняцца з выбараў і дабіцца права сказаць праўду пра выбары па БТ.

Насупраць Адміністрацыі прэзідэнта 9 снежня адбыўся пікет, які быў зладжаны кандыдатам Някляевым. На мэце акцыі было – прымусіць прэзідэнта паводзіць сябе як быццам ён такі ж кандыдат, як усе, паведамляе zapraudu.info.

Заклік зняць кандыдатуры

Някляеў таксама заклікаў усіх кандыдатаў зняць свае кандыдатуры з выбараў.

«Калі мы ўсе разам здымем свае кандыдатуры — гэта будзе моцны крок», — заявіў Някляеў на пікеце ля Адміністрацыі прэзідэнта.

«Адначасовае зняцце сваіх кандыдатур узмоцніць апазіцыю і Плошчу. Нам нельга дапусціць, каб выбары былі прызнаныя міжнароднымі структурамі. Прызнанне выбараў – гэта будзе наша параза», – адзначыў Някляеў.

Ідэя разам зняцца з выбараў будзе абмеркаваная кандыдатамі ўвечары 9 снежня.

 

Патрабабуе ад Лукашэнкі прыйсці на дэбаты

Кандыдат на пасаду Прэзідэнта Уладзімір Някляеў патрабуе ад Лукашэнкі прыняць удзел у тэледэбатах у прамым эфіры разам з іншымі кандыдатамі.

«На такіх дэбатах мусіць быць той, хто давёў краіну да таго стану, у якім яна цяпер знаходзіцца», – сказаў Някляеў.

Нагадаем, у часе тэледэбатаў на БТ Някляеў пакінуў тэлестудыю, аргументуючы тое бессэнсоўнасцю: «навошта дэбатаваць з тымі, хто падзяляе каштоўнасці дэмакратыі, хто бачыць на мэце гэтых выбараў – змяніць прэзідэнта і перамагчы дыктатуру»?

 

А тым часам ЦВК адмовіў у эфіры на БТ

Цэнтрвыбаркам адмовіў апазіцыйным кандыдатам у прэзідэнты Беларусі ў прадастаўленні дадатковага тэлеэфіру. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні ЦВК 9 снежня. Піша nn.by.

Камісія аднагалосна прагаласавала супраць выдзялення кандыдатам дадатковага тэлеэфіру.

Сумесная заява Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава аб прадастаўленні дадатковага тэлеэфіру было перададзена ў ЦВК 7 снежня.