Як Рымашэўскі змагаўся з правакатарамі ў Магілёве

Кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі сустрэўся з магілёўцамі 15 снежня.

Віталь Рымашэўскі – адзін з 10-ці кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Палітычны і грамадскі дзеяч, сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД).

Рымашэўскі – адзін з самых маладых кандыдатаў гэтай выбарчай кампаніі, яму 35 год. Палітык упэўнены, што адна з галоўных палітычных задач на сёння – рэфамаванне сістэмы ўлады ў Беларусі. Ён выступае за памяньшэнне прэзідэнцкіх правоў, за незалежнасць усіх органаў улады, за вяртанне беларусам скрадзенага права выбару.

Кандыдат прыязджаў у Магілёў на сустрэчы з выбрацамі 15 снежня, якія прайшлі ў Архітэктурным каледжы – у 12:00 і ў сярэдняй школе № 21 – вечарам, у 18:00. Рымашэўскі прэзентаваў сваю праграму і адказаў на пытанні магілёўцаў.

Без правакацыйнай часткі ўсёж не абышлося

У актавай залі Архітэктурнага каледжа на сустрэчы з Рымашэўскім сабралося каля 60-ці чалавек. Увечары ў актавай залі школы № 21 кандыдат сабраў больш за 100 выбарцаў.

Палітык у пачатку выступу адзначыў, што звычайна яго сустрэчы складаюцца з трох частак: яго прэзентацыйная прамова, затым – спроба БРСМ і ідэолагаў справакаваць палітыка і выбарцаў хамствам, і апошняя – размова ў фармаце пытанне-адказ.

Рымашэўскі выказаў спадзяванне, што можа абысціся без сярэдняй часткі. Аднак, як выстветлілася, без правакацыяў не абышлося…

Рымашэўскі жорстка адказваў і не даваў дагаварыць «канфліктным» выбарцам. Якія ў асноўным не задавалі пытанні, а гнеўна выказваліся: наконт таго, што партыя БХД незарэгістраваная, што праграма палітыка далёкая ад рэчаіснасці, што выхад на плошчу ў дзень выбараў – справа кепская…

Выбарцы, якія сапраўды хацелі задаць пытанні, самі вырывалі мікрафон з рук тых, хто пытанні так і не задаў.

Рымашэўскі жа вылічваў правакатараў з першых словаў, прасіў іх не цягнуць час і паважаць астатніх. У крайніх выпадках – нават загадваў памочніку папросту адбіраць мікрафон…

Часам здавалася – а ці не памыліўся палітык, назваўшы правакатарам таго, хто ім не з’яўляецца?.. Напэўна, не памыліўся ні разу: пасля сустрэчы ўсе «канфліктныя» сыходзілі разам, паціскаючы рукі адзін аднаму і супрацоўнікам беларускага тэлебачання…

Напрыканцы сустрэчы Рымашэўскі заклікаў магілёўцаў не быць абыякавымі і не баяцца адстойваць свае інтарэсы…

У Магілёве ўжо пабывалі кандыдаты:

Уладзімір Някляеў – 25 лістапада

Рыгор Кастусёў – 28 лістапада

Яраслаў Раманчук – 30 лістапада

Аляксей Міхалевіч – 2 снежня

Андрэй Саннікаў – 13 снежня

Яшчэ прыедуць кандыдаты

Сустрэча з кандыдатамі ў прэзідэнты Дзмітрыем Усам і Мікалаем Статкевічам адбудзецца ў Магілёве ў пятніцу, 17 снежня.