На фестывалі AD.NAK прысудзілі адразу два гран-пры

Сярод удзельнікаў чацвёртага фестывалю беларускамоўнай рэкламы былі і самыя буйныя айчынныя кампаніі.

Сёлета на фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! было пададзена 314 работ ад 105 удзельнікаў. Цырымонія ўзнагароджання аўтараў найлепшых работаў адбылася 27 чэрвеня ў Мінску.

— Якасць конкурсных работ штогод паляпшаецца, — адзначае Сяргей Скараход, адзін з суарганізатараў фестывалю. — Больш за тое, калі раней у фестывалі бралі ўдзел невялікія рэкламныя агенцтвы, то цяпер сярод удзельнікаў і буйныя гульцы рэкламнага рынку.

Сёлета журы, у складе якога былі вядомыя айчынныя рэкламісты, прысудзіла ажно два гран-пры. У намінацыі «СМІ або медыяпраекты» лепшым стаў Зміцер Бейнарт-Саладуха, кіраўнік «ПАН-студыі» і яго відэапраект «Край.BY». У намінацыі «Беларускаарыентаваны рэкламны і камунікатыўны праект» перамаглі Галіна Яшчанка і Вольга Раманюк з праектам «Шляхецкі фарфор ручной працы KARALI».

— Наш фестываль зноў сцвердзіў: калі ты беларусаарыентаваны, ты ў трэндзе — адзначае Ніна Шыдлоўская, каардынатарка грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». — Застаецца гэта ўсвядоміць і ўключыць асабістую выключнасць. Мы спадзяемся, што гэта будзе адбывацца ў тым ліку, і дзякуючы фестывалю «AD.NAK!. І праз гэта якаснай рэкламы па-беларуску стане болей.