Конкурсныя працы на фестываль AD.NAK! будуць прымаць да 12 чэрвеня ўключна

Аргкамітэт Пятага Фестывалю беларускамоўнай рэкламы AD.NAK! ужо вызначыў склад журы.

У яго ўвайшлі прадстаўнікі найбуйнейшых рэкламных агенцтваў, вядомыя асобы са сферы бізнесу, культуры, шоу-бізнесу, сродкаў масавай інфармацыі і іншых напрамкаў дзейнасці. Менавіта яны будуць ацэньваць работы, пададзеныя на конкурсы і намінацыі Фестывалю.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адметнай адукацыйнай праграмай з удзелам замежных экспертаў адбудзецца 25 чэрвеня ў Міжнародным адукацыйным цэнтры Ёханэса Раў (IBB, Мінск, пр. Газеты “Праўда”, 11). Усе падрабязнасці пра Фестываль, намінацыі і ўмовы ўдзелу ў воркшопах — у адпаведных раздзелах сайта Adnak.by.

Дзякуючы партнёру гэтага конкурсу — плацежнай сістэме Рэспублікі Беларусь “БЕЛКАРТ” — кожны з каманды пераможцаў гэтага конкурсу атрымае картку з унікальным дызайнам і 4 мільёнамі рублёў на рахунку!

Таксама ўдзельнікам конкурснай праграмы трэба звярнуць увагу на конкурс БРЭНД-ПЕРАЗАГРУЗКА, які дасць магчымасць удзельнікам перапрацаваць вядомыя мясцовыя гандлёвыя маркі і брэнды так, каб яны адназначна ўспрымаліся як беларускія. На літасць дызайнераў здаліся “Онега”, AIST, “Сочный” і M1NSK.

Яшчэ адзін новы сёлетні конкурс — ЗДЗІВІ ІНТУРЫСТА! У яго межах удзельнікам  прапануецца стварыць дызайн-канцэпт для беларускіх сувеніраў — ільняной торбы, майкі, кубка і нататніка, якія будуць вырабляцца ў прамысловых маштабах. Пераможцу конкурсу чакае прыз у 5 мільёнаў беларускіх рублёў ад партнёра конкурсу — кампаніі Universal Press, а таксама кантракт на выплату ганарару ад кожнай партыі прадукцыі.

Ну а пераможцам традыцыйнай намінацыі “Каша сувораўская” можа стаць абсалютна кожны! Для гэтага трэба даслаць любы здымак факту (надпіс, выява, шыльда), што дэманструе ці выкарыстоўвае памылковыя гістарычныя і культурніцкія стэрэатыпы альбо зроблены супраць усіх канонаў рэкламнай логікі. Чарговы рэкламны “перл” вас забаўляе ці псуе вам настрой? Абурае і дорыць эстэтычныя пакуты? Дасылайце яго нам на адрас adnak@budzma.org!

Усіх пераможцаў намінацый і конкурсаў чакаюць павага, прызнанне і каштоўныя прызы ад партнёраў Фестывалю. Генеральны партнёр — кампанія velcom.

Удзел у Фестывалі БЯСПЛАТНЫ!

Арганізатары таксама адзначаюць, што рэгістрацыя на бясплатны воркшоп па стварэнню рэкламы працягнецца да 13 чэрвеня уключна.

Дадатковая інфармацыя: (029) 177-01-21, (029) 755-14-34, е-mail: adnak@budzma.org.


 

По тэме чытаюць:

У Беларусі стартаваў пяты Фестываль беларускамоўнай рэкламы AD.NAK